Няхай святло ўвойдзе ў кожны дом«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі»
(Лк 2, 14)
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Дарагія вернікі, людзі добрай волі!
Свята Божага Нараджэння – гэта час асаблівай радасці, любові, супакою, час прабачэння і еднасці. Час, калі кожны чалавек становіцца хоць на кропельку лепшым, бо немагчыма інакш – Збаўца нарадзіўся!
Святкаванне таямніцы Божага Нараджэння запрашае нас паглядзець на кожнага чалавека, а асабліва на нашы сем’і, як на бясцэнны дар з Неба. Сын Божы – абяцаны Адкупіцель – прыходзіць у гэты свет, каб вярнуць яму надзею на вечнае збаўленне, умацаваць веру, навучыць безумоўнай любові і ўзаемнай зычлівасці як фундаментальнай запаведзі.
Езус прыходзіць у гэты свет безабаронным дзіцяткам. Нараджаецца ў холадзе, бедны сярод беднякоў. Ён і сёння стукаецца ў дзверы нашага сэрца, каб знайсці цяпло і прытулак. Давайце пераадолеем фальшывыя вобразы свята, якія прымушаюць нас забыць, дзеля Каго мы святкуем. Давайце пастараемся пакінуць мітусню, якая аслабляе сэрца і падштурхоўвае нас займацца падрыхтоўкай аздабленняў і падарункаў, а не сузіраць Падзею: Сына Божага, які нарадзіўся для кожнага з нас.
Няхай Хрыстус – святло свету (гл. Ян 8, 12) – увойдзе ў кожны наш дом, каб рассеяць цемру непаразуменняў і слабасцяў. Няхай Бог напоўніць душу кожнага чалавека цеплынёй той незямной любові, якая праменіцца з таямніцы бэтлеемскіх ясляў. А нязгаснае ззянне Бэтлеемскай зоркі няхай асвятляе кожны шлях і найлепшыя планы на будучыню.
Жадаю ўсім людзям добрай волі, каб гэтыя калядныя дні радасці і надзеі на парозе новага 2025 года ўмацавалі ўсіх нас той непахіснай надзеяй на перамогу дабра, справядлівасці і любові, якая напаўняла сэрцы Святой Сям’і з Назарэта, бэтлеемскіх пастушкоў і святых анёлаў.
Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!
Святар Павел Рудзьман, пробашч парафіі Міласэрнасці Божай і Маці Божай Вострабрамскай